23 лютага ў каледжы праведзена акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”.
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет даўно не вузкі!
...Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску!
Гэтыя словы Яўгеніі Янішчыц сталі дэвізам дня падчас правядзення акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Навучэнцам, бацькам, выкладчыкам, а таксама жыхарам аграгарадка Красны Бераг прапанавалася размаўляць па-беларуску на працягу ўсяго дня. З пачуццём любові і захапленнем навучэнцы і выкладчыкі прачыталі верш Сяргея Чыгрына “Кажыце сваяцтва, а не радство”.
Кажыце сваяцтва, а не радство,
Кажыце краса, пекната, хараство,
І дабрыня, меншыня, меншыня —
Кажыце, пакуль вам падказваю я.
Адметны кажыце і адмысловы —
Такія прыгожыя родныя словы.
Кажыце круцёлка, а не вяртушка,
Кажыце ваяка, жаўнер і ваяр,
Ялінка, ядловец, юшка і яр.
Малы і малеча, а не малыш,
І вельмі прыгожае слова спаміж.
Забудзьце ляднік, а ёсць наша — лядоўня,
Трайняты кажыце заўжды, а не тройня.
Крумкач ці груган, ды толькі не воран
Кажыце, калі ён лятае над борам.
Ёсць плата, вядома, а не плацеж.
Ды куфлем піва суседа пацеш.
Пасля пачастуй баханкай хлеба,
А не буханкаю — гэтак не трэба.
Кажыце, што ў збан малако наліваецца,
Але не жбан ці жбанок падстаўляецца.
Не загавор вы кажыце, а змова —
На словы багатая родная мова.
Ёсць слова наросхрыст — не нараспашку,
Сарочку сваю апрануць — не рубашку.
Ёсць слова паспешлівы — ды не таропкі,
Нялёгка прайсці праз горы і сопкі.
Ёсць слова таннець — не дзешавець...
Нам блізкія словы лягчэй зразумець.
На іх і трымаецца родная мова —
Таму беражыце яе кожнае слова!